Змякчальны мяккі знак
1. Мяккі знак пішацца пасля зычных з, л, н, с, ц (з мяккага т), дз (з мяккага д):
для абазначэння на пісьме мяккасці зычнага на канцы слова: мядзведзь, дзень, соль, вось, чытаць, пісаць, стань, кінь, лезь, шэсць, дзесяць, штось, дзесь, кудысь, чагось, вішань, кухань, соцень, песень;
для абазначэння на пісьме мяккасці зычнага перад цвёрдым зычным: дзядзька, бацька, касьба, барацьба, пісьмо, Вязьма, Кузьма, восьмы, процьма, дзьмухавец;
для абазначэння на пісьме мяккасці зычнага перад наступным мяккім зычным тады, калі пры змене формы таго ж слова (або пры замене яго другім словам таго ж кораня) гэты мяккі зычны становіцца цвёрдым, а папярэдні зычны захоўвае сваю мяккасць: барацьбе, барацьбіт (барацьба), пісьменнік (пісьмо), васьмі, васьмю (восьмы), цьмяны (цьма). Калі пры змене формы таго ж слова (або пры замене яго другім словам таго ж кораня) мяккасць зычных не захоўваецца, то мяккасць зычнага перад наступным мяккім зычным на пісьме мяккім знакам не абазначаецца: дзве – два, шэсць – шосты, звінець – звон.
2. Мяккі знак пішацца для абазначэння мяккасці зычных у дзеясловах загаднага ладу:
перад канчаткам першай асобы множнага ліку -ма: кіньма, сядзьма, станьма;
перад канчаткам другой асобы множнага ліку -це: будзьце, кіньце, сядзьце, станьце, намыльце;
перад зваротнай часціцай -ся: кінься, звесься.
3. Мяккі знак пішацца для абазначэння мяккасці зычных у назоўніках перад канчаткам творнага склону множнага ліку -мі: коньмі, людзьмі, грудзьмі, дзецьмі.
4. Мяккі знак пішацца:
у складаных лічэбніках: пяцьдзясят, шэсцьдзясят, пяцьсот, шэсцьсот, дзевяцьсот;
у часціцы -сьці, якая ўваходзіць у склад слова: штосьці, чагосьці, кудысьці, дзесьці, чамусьці, якісьці;
у слове ледзьве.
5. Мяккі знак пішацца для абазначэння на пісьме мяккасці [л] перад зычнымі: пальцы, кольцы, відэльцы, сальца, вальцы, колькі, толькі, гульні, вельмі, Альф’еры, бразільскі (Бразілія), венесуэльскі (Венесуэла), уральскі (Урал), лепельскі (Лепель), лільскі (Ліль), Мангальф’е.
6. Мяккі знак пішацца для абазначэння на пісьме мяккасці [н]:
перад суфіксам -к-, а таксама перад суфіксам -чык- (калі слова без суфікса -чык- заканчваецца мяккім знакам): песенька, вішанька, нянька (і няньчыць); каменьчык (камень), праменьчык (прамень), карэньчык (корань), агеньчык (агонь);
перад суфіксам -ск- у прыметніках, утвораных ад назваў месяцаў, якія заканчваюцца мяккім [н’], і назоўніка восень: студзеньскі, чэрвеньскі, ліпеньскі, снежаньскі, восеньскі, а таксама ў суадносных уласных назвах: Чэрвеньскі раён, Ліпеньская школа;
у суфіксе -еньк- (-эньк-, -аньк-): маленькі, даражэнькі, прыгожанькі.
7. Мяккі знак не пішацца:
пасля шыпячых (ж, дж, ч, ш), р, ц (не з т мяккага) і д, т, а таксама пасля губных б, в, м, п, ф: дождж, ноч, мыш, цар, купец, голуб, п’едэстал, сям’я, В’етнам, верф;
пасля з, с, ц, дз перад мяккімі зычнымі, калі пры змене формы таго ж слова (або пры замене яго другім словам таго ж кораня) нельга паставіць гэтыя з, с, ц, дз перад цвёрдым зычным: песня – песні – песнямі, звер – зверам – звяроў, свет – свяціць – асвятленне, дзверы – дзвярэй, чацвер – чацвяргом, чацвёрты – чацвярціна – чацверыком, цвёрды – сцвярджаць; схіліцца, скінуць, ёсць, Дзвіна, Дзмітрый;
пры падаўжэнні зычных: насенне, ралля, галлё, калоссе, а таксама падваенні: ззяць;
у прыметніках з суфіксам -ск-, утвораных ад назоўнікаў на -нь: конскі (конь), астраханскі (Астрахань), любанскі (Любань), плзенскі (Плзень), чань-чунскі (Чань-Чунь), цянь-шанскі (Цянь-Шань).
§ 19. Раздзяляльны мяккі знак і апостраф
1. Раздзяляльны мяккі знак пішацца пасля зычных л, с, ц (з мяккага т), дз і непрыставачных н і з перад е, ё, і, ю, я ў словах іншамоўнага паходжання: вальера, рэльеф, калье, мільён, медальён, павільён, більярд, дасье, канферансье, манпансье, пасьянс, парцье, парцьера, ранцье, Фацьян, Тэнардзье, Дзьюі, мадзьяры, кастаньеты, Тэньер, каньён, Тасіньі, Авіньі, Сеньі, Нью-Ёрк, каньяк, Карбюзье, Лавуазье, разьянскі.
2. Ва ўласных імёнах і назвах, утвораных ад імён на -ій (-ый), пасля зычных л, с, ц, дз, н, з перад суфіксальным -еў- (-ев-) пішацца мяккі знак: Васільеў, Васільевіч, Васільеўка, Васільеўскі востраў, Арсеньеў, Арсеньевіч, Афанасьевіч, Кандрацьеў, Кандрацьевіч, Аркадзьеў, Аркадзьевіч.
3. Пасля г, к, х і збегу зычных, акрамя нц, перад суфіксальным -еў- (-ев-) пішацца і (ы): Георгіеў, Георгіевіч, Яўціхіеў, Яўціхіевіч, Іракліевіч, Яўлампіевіч, Ануфрыеў, Ануфрыевіч, Ануфрыеўка, Дзмітрыеў, Дзмітрыевіч; але: Вікенцьеў, Вікенцьевіч, Лаўрэнцьеў, Лаўрэнцьевіч, Кліменцьевіч і інш.
4. Апостраф пішацца пры асобным вымаўленні зычных з наступным галосным:
пасля прыставак, якія заканчваюцца на зычную, перад е, ё, ю, я і націскным і: ад’е'зд, аб’ём, аб’я'ва, аб’ядна'цца, пад’ёмны, раз’ю'шыцца, між’я'русны, аб’і'нець, уз’ядна'нне, ад’юта'нт, ін’е'кцыя, кан’юнкту'ра;
у сярэдзіне слова пасля губных б, в, м, п, ф, заднеязычных г, к, х, зубных д, т і дрыжачага р перад літарамі е, ё, і, ю, я: б’ецца, вераб’і, В’етнам, інтэрв’ю, сям’я, Дзям’ян, Камп’ен, куп’ё, куп’істы, п’юць, саф’ян, Пракоф’еў, Пракоф’евіч, Мантэг’ю, Лук’ян, Х’юстан, Аж’е, Ч’япа, Буш’е, Д’еп, бар’ер, надвор’е, Грыгор’еў, Юр’еў, Мар’іна Горка;
у складаных словах з першай часткай двух-, трох-, чатырох-, шмат- перад літарамі е, ё, ю, я: двух’ярусны, трох’ярусны, шмат’ядзерны, шмат’ёмісты.
5. Апостраф не пішацца:
пасля ў (у нескладовага) перад літарамі е, ё, і, ю, я: абаўецца, саўюць, салаўі;
у складаных і складанаскарочаных словах на мяжы састаўных частак, у тым ліку калі іх часткі пішуцца праз злучок: цэхячэйка, дзяржюрвыдавецтва, трэд-юніёны.